Планета ў руках палітыкаў

Кліматычная канферэнцыя, якая распачала сваю працу 30 лістапада ў Парыжы, стане ужо 21-й спробай вырашыць кліматычныя праблемы на глабальным узроўні. З 1972 году, калі ў Стакгольме пад эгідай ААН упершыню прайшоў кліматычны сімпозіум сусветнага маштабу, шмат што было зроблена. Але, як кажуць скептыкі, яшчэ больш зроблена не было.

01.12.2015 Вакол свету Аўтар: Віталь Махнач Фота: hostingkartinok.com, geo.ru, pogoda-dnem.ru, ideas.ted.com, bellona.ru

Гісторыя пытання

Канешне, за чатыры дзесяцігоддзі адбыліся важныя змены ў адносінах да экалогіі. Напрыклад, у 1972-м годзе толькі дзесяць краін мелі міністэрствы экалогіі. І менавіта пасля сустрэчы ў Стакгольме пра экалагічныя праблемы загаварылі на дзяржаўным узроўні, і праз дзесяць год такіх міністэрстваў на планеце было ўжо 110.

Але ці стварэнне новых бюракратычных апаратаў у стане паўплываць на праблемы экалогіі? Адказы на гэтае пытанне розныя. Хтосьці кажа, што менавіта ў палітычным полі ляжыць вырашэнне большасці гэтых праблем, і што калі палітычная эліта дамовіцца, то зможа паўплываць і на эканоміку, якая па сутнасці з’яўляецца галоўным ворагам экалогіі. Апаненты гэтага погляду кажуць, што палітыка залежыць ад эканомікі, а не наадварот. Таму толькі структурныя змены ў эканоміцы могуць прывесці да вырашэння экалагічных праблем. А палітыкам адведзена толькі роля “афіцыйнага афармлення” гэтых зменаў. А што можа змяніць эканоміку? Хтосьці спадзяецца на навуку, якая вынайдзе альтэрнатыву вуглявадароднай сыравіне. А хтосьці кажа пра радыкальнае рашэнне, абвінавачваючы капіталізм, і патрабуючы яго замены больш гуманнай сацыяльная сістэмай. Менавіта прадстаўнікі дадзенага накірунку найбольш актыўна пратэстуюць у час экалагічных самітаў, у тым ліку і зараз у Парыжы.

Хто з іх мае рацыю? І ці сапраўды 21 міждзяржаўная сустрэча на працягу 43 гадоў была толькі ілюзіяй дзейнасці? Калі глядзець на працу гэтых канферэнцый, то акрамя палітычных заяваў і стварэння розных бюракратычных інстанцый, напярэдадні кожнай канференцыі навукоўцы распрацоўвалі маштабныя і важныя праграмы вырашэння кліматычных праблем. Таму адназначна сэнс быў хаця б менавіта ў гэтых даследваннях, значная частка якіх фінансавалася з дзяржаўных бюджэтаў. “Апагеем” стаў Кіёцкі пратакол, які абавязваў падпісаўшыя яго краіны, зменшыць выкіді асноўных відаў небяспечных для клімату газаў на 5,2% у год у параўнанні з 1990-м годам. Пры гэтым краіны падпісанты пагадзіліся нават на большыя змены – зніжэнне на 6-8%. Такім чынам яны спрабавалі скараціць тэмпы пацяплення не больш чым да двух градусаў. Перыяд, цягам якога Кіёцкі пратакол павінен быў быць рэалізаваны – 2008-2012. Далей ён быў працягнуты. І меў вынікі, але не такія грандыёзныя, як спадзяваліся аптымісты. Хаця некаторыя краіны сапраўды знізілі аб’ём выкідаў у атмасферу Зямлі, працэс глабальнага пацяплення гэта не спыніла. І вось зараз на змену Кіёцкаму пратаколу павінна прыйсці новая сістэма.

Новая сістэма

У мінулым годзе у Ліме першапачатковы варыянт дамовы, якую і будуць разглядаць на саміце ў Парыжы, быў рэдагаваны. Было заўялена пра неабходнасць дадатковых дзеянняў па зніжэнні тэмпаў пацяплення да ўзроўню ніжэй за адзначаныя 2%. І вось хутка мы даведаемся ці будзе падпісаная гэтая дамова. Шматлікія краіны ўжо абавязаліся знізіць аб’ёмы выкідаў у атмасферу на 30% да 2030 году. І гэта канешне нашмат большыя змены, чым былі прапісаныя і здзейсненыя ў межах Кіёцкага пратаколу. Зноў жа скептыкі скажуць, што дэкларацыі гэта добра, але ад іх да рэальных спраў вельмі доўгі шлях. І нярэдка па ім ніхто не ідзе. Сапраўды, у рамках Кіёцкага пратаколу ішоў неблагі гандаль квотамі на выкіды ў атмасферу. Краіны з не вельмі развітай прамысловасцю прадавалі свой “лішак” квотаў развітым дзряжавам. То бок ішло не столькі вырашэнне экалагічных праблем, колькі папаўненне казны, а часцей проста кішэняў, розных “уладароў” трэцяга свету. Канешне быў і адваротны бок – развітыя краіны Захаду знізілі аб’ём выкідаў, і нават ЗША, якія не ратыфікавалі Кіёцкі пратакол, за апошнія пяць год зрабілі значны ўнёсак у зніжэнне атмасферных выкідаў.

Акрамя таго быў створаны Зялёна фонд, які ставіць мэту сабраць 100 міліярдаў даляраў да 2020 году. Гэтыя грошы ідуць на фінансаванне краін трэцяга свету, якія будуць цярпець выдаткі з-за экалагічных праграм. Канешне, асноўныя інвестары фонду – развітыя краіны. Зноў жа, мы бачым добрую мэту, але ў рэчаіснасці зразумела, што грошы могуць пайсці не зусім па прызначэнню. Як і са шматлікімі гуманітарнымі місіямі, грошы якіх нярэдка трапляюць не ў кішэні жыхароў трэцяга свету, а ў кішэні “гаспадароў” гэтых краін, з раздачай грошы на “кліматычныя патрэбы” звязаны тыя ж карупцыйныя праблемы.

Ад словаў да справы

Усё гэта, канешне, не прычына адмовіцца ад кліматычных самітаў і падпісання міждзяржаўных дамоваў. Як ужо сказана вышэй – яны даюць практычныя вынікі. Па-другое, яны не даюць зняць праблему з “павесткі дня”. Аднак і спадзявацца толькі на саміты таксама нельга. Як і любая іншая глабальная праблема, змена клімату залежыць ад усяго чалавецтва. І ад буйнога бізнэсу, і ад маленькіх гаспадарак, і ад кожнага спажыўца, і канешне, ад палітычных рашэнняў.

Без навуковых распрацовак альтэрнатыўных відаў паліва і сыравіны, а таксама тэхналогій яе выкарыстання і перапрацоўкі смецця, праблему не вырашыць. Але любыя тэхналогія павінны прабіць лоббі нафтавых і шматлікіх іншых карпарацый. І гэта ўжо пытанне палітыкі. Канешне, усё новае і больш развітае з цягам часу знойдзе дарогу ў жыццё і ніхто яго спыніць не зможа. Але стан навакольнага асяроддзя пагаршаецца вельмі хутка, і важна памятаць, што час не бязмежны.

Праўда і спадзяванні на рэвалюцыйныя змены складана назваць сур’ёзнай альтэрнатывай. Тыя хто кажа пра капіталізм, як крыніцу праблем, забываецца, што тое утапічнае і безканфліктнае грамадства, якое яны прапагандуюць у якасці альтэрнатывы, патрабуе каласальных змен у культуры і адносінах людзей адзін да аднаго і да нашай агульнай планеты. А гэта патрабуе значна больш часу, чым навуковыя дасягненні. Ды і такія ідэальныя людзі любую тэорыю робяць ідэальнай, хоць сацыялізм, хоць капіталізм. Толькі вось у рэчаіснасці нам прыйдзецца вырашаць канкрэтныя экалагічныя праблемы тут і зараз, паскараць навуковы прагрэс у галіне экалогіі і спадзявацца, што 11 снежня ў Парыжы будуць падпісаныя карысныя для ўсё планеты дамовы і працэс барацьбы з праблемамі клімату хоць трошкі паскорыцца.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 01.12.2015

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.