91 км Прыпяці могуць здаць у арэнду за тысячу еўра. Рыбакі пратэстуюць

― Вы разумееце, што для многіх людзей гэта стане катастрофай? Мы тут жывем Прыпяццю, ― эмацыйна расказвае Еўрарадыё мазыранін Дзмітрый Багачоў. У Дзмітрыя ў горадзе крама рыбалоўных тавараў. Ён спрабуе дамагчыся адмены аукцыёну, нават пачаў збіраць подпісы. 

03.05.2017 Грамадства 3 Аўтар: Алесь Пілецкі Крыніца: Еўрарадыё Фота: slovil.by

Расказвае, што гараджане падпісваюцца супраць здачы участка ракі ў арэнду цэлымі прадпрыемствамі. 

― Мае матывы вельмі простыя. Яны там акрамя платнага аматарскага лову збіраюцца арганізаваць прамысловы. У нас ужо гэта было некалькі гадоў таму. Тады дзейнічалі 22 брыгады. І нічога добрага з гэтага не выйшла... Людзі лавілі рыбу, а легальна здавалі ў асноўным неліквід, драбязу. Куды дзявалася нармальная рыба ― невядома. Яны і цяпер тут усё могуць вылавіць, гэта экалагічная катастрофа можа быць. Пасля засухі апошніх гадоў, у Прыпяці і так праблемы з рыбай, ― абураецца Дзмітрый.

Мазырскія рыбакі таксама непакояцца, што ў патрабаваннях да удзельнікаў аукцыёну нічога не сказана пра кошты, якія будуць вызначаныя для рыбакоў-аматараў, калі участак Прыпяці насамрэч здадуць у арэнду. У тым жа суседнім Прыпяцкім запаведніку адзін дзень рыбалкі з берага каштуе 40 рублёў, з чаўна ― 70. Улічваючы мазырскія заробкі, сумы непад'ёмныя. 

― Рака для нас, гэта адзінае месца адпачынку. А шмат для каго і дадатковая крыніца харчавання. І уцёмную вырашаць такія пытанні нельга, ― расказвае Дзмітрый.

Подпісы мазыране збіраюць у электронным выглядзе і на паперы. 

― Цяпер запусцілі на petitions.by. Там ужо таксама 1200 подпісаў, яны будуць дасланыя ўладам. На гэтыя подпісы улады абавязаныя адказаць. Уручную таксама збіраем. Ужо каля 4000 сабралі. Заўтра панясем у Мазырскі выканкам. У Мінску таксама збіралі подпісы, там 2000 дадаткова. Іх перададуць у Міністэрства сельскай гаспадаркі, Гомельскі аблвыканкам, Адміністрацыю кіраўніка краіны. Усе падпісваюцца. Прадпрыемствы ў поўным складзе. «Гаргаз», «Энергазбыт», усе. Нумары тэлефонаў, адрас прапіскі, усё ёсць, ― расказвае Дзмітрый Багачоў.

Цікавы нюанс ― стартавы кошт аукцыёну на арэнду 91 км Прыпяці ― 2100 рублёў за год. 

― Гэта нават не смешна. Я за год падаткаў і заробкаў выплачваю 20 тысяч. А ў мяне крама 35 квадратаў. Гэтая сума непараўнальная з той шкодай, якую можна нанесці рацэ прамысловым ловам. Тут не ўлічаныя ні інтарэсы дзяржавы, ні людзей, ― перакананы Дзмітрый.

Як расказала Еўрарадыё адказная за правядзенне аукцыёну мазырская чыноўніца Наталля Комель, на дадзены момант пададзеная толькі адна заяўка на удзел у ім ― ад мясцовага аддзялення «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Мазырскія рыбакі кажуць, што ў арганізацыі фінансавыя проблемы. Маўляў, магчыма, такім чынам збіраецца атрымаць дадатковае фінансаванне.

Аукцыён па здачы 91 км Прыпяці ў арэнду прызначаны на 22 траўня. Заяўкі прымаюцца да 16. 

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 03.05.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.