Хоча кіраваць ў адзінотку: Міністэрства лясной гаспадаркі адмовіла незалежным эколагам у супрацы над правіламі палявання

Міністэрства лясной гаспадаркі адмовілася ад экспертнай дапамогі незалежных эколагаў па ўдасканаленні Правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Грамадскія арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і «Багна» здзіўлены, чаму дзяржаўнаму органу не спатрэбіўся іх вопыт.

05.07.2017 Жывая прырода Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: nat-geo.ru, tut.by, hunting.ru, dom-cvety.com

Усё пакрыта таямніцай

Спроба грамадскіх арганізацый паўзаемадзейнічаць з дзяржаўнымі органамі не задалася ад самага пачатку. Пасля сумнай гісторыі з ваўком у капкане, што трапіла ў СМІ ў лютым бягучага года, Багна і Ахова птушак Бацькаўшчыны (АПБ) пачалі праводзіць кампанію па забароне палявання такімі жорсткімі сродкамі.

Арганізацыі даслалі прапанову ў дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку ў Міністэрства лясной гаспадаркі, з адказу якога даведаліся пра міжведамасную рабочую групу, што працуе над удасканаленнем Правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Вядома, страціць шанец экалагічныя НДА не маглі і, каб мець магчымасць паўплываць, сыходзячы са свайго прыродаахоўнага вопыту, на будучыя змяненні ў правілах, прапанавалі ўключыць у састаў рабочай групы Аляксандра Вінчэўскага, дырэктара АПБ.

Аляксандр Вінчэўскі

 

Паляўнічае лобі мацней за прародаахоўны інтарэс

Як стала вядома з сайта Багны, на днях быў атрыманы паўторны адмоўны адказ па ўключэнні незалежнага эксперта ад зацікаўленай грамадскасці ў састаў рабочай групы. Маўляў, адсутнічае неабходнасць у іншых ведамствах і грамадскіх арганізацыях, зазначана ў лісце за подпісам першага намесніка міністра Аляксандра Куліка.

Як паведамілі Зялёнаму парталу ў Багне, Мінлясгас не абавязаны гэта рабіць, таму даводзіцца разлічваць выключна на іх меркаванне. Аднак не варта забываць, што па Законе «Аб дзяржаўнай службе» прынцып работы дзяржаўных органаў грунтуецца на галоснасці і служэнні народу.

«Як мне падаецца, пры абмеркаванні правіл палявання рабочая група проста не хоча чуць прыродаахоўны бок.

А гэтыя правілы — вельмі важныя для захавання наваколля, дзікай прыроды. Але з улікам, што яны знаходзяцца ў кампетэнцыі Мінлясгаса, ведамства скіраванае на выкарыстанне рэсурсаў, а не на іх захаванне... Відавочна, што ім не патрэбны ні наш вопыт, ні нашае меркаванне», — зазначыў Аляксандр Вінчэўскі.

Падобнай пазіцыі прытрымліваюцца і ў грамадскай арганізацыі «Багна». Маўляў, у рабочай групе амаль ўсе — паляўнічае лобі, таму шкада, што адсутнічае магчымасць весці дыялог і дыскутаваць па гэтай тэме.

Спробу эколагаў дабіцца тлумачэння адмовы ў Мінлясгасе расцанілі як «бюрократизм, волокиту и нетактичное поведение»

 

18 прапаноў па ўдасканаленні паляўнічай гаспадаркі

На сёння міжведамасная рабочая група збірае прапановы ад юрыдычных і фізічных асоб, якія затым будуць аналізавацца і сістэматызавацца. Па выніку падрыхтуюць праект нарматыўнага акта, які абяцаюць абмеркаваць з грамадскасцю. Менавіта такім чынам, упэўнены ў міністэрстве, будзе выкананы артыкул 8 Орхускай канвенцыі.

У сваю чаргу эксперты Багны і АПБ падрыхтавалі свае прапановы і даслалі рабочай групе.

«У лісце ад Мінлясгаса зазначана, што там разгледзяць нашыя прапановы і адкажуць нам. Але зноў жа могуць паставіць перад фактам, што заўвагі не ўлічаныя. І пры гэтым грамадскія абмеркаванні могуць не праводзіць: закон гэтага не патрабуе, бо паляванне не трапляе пад крытэры аб небяспечнай дзейнасці», — падкрэслілі ў Багне.

Па словах жа Аляксандра Вінчэўскага, прапановы па дапрацоўцы Правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, ні ў якім разе не накіраваныя супраць паляўнічых, а, наадварот, ухваленыя імі.

«Пры ўсім нашыя прапановы грунтуюцца на прыкладах Еўразвязу і Расіі. Бо нават суседняя краіна больш рупліва адносіцца да паляўнічых жывёл, чым Беларусь, маючы, напрыклад, вельмі абмежаваны перыяд вясенняга сезона палявання ў 10 дзён», — падкрэслівае прадстаўнік АПБ.

Аднак у нашай рэспубліцы ёсць верагоднасць вярнуцца да вясенняга перыяду палявання ў некалькі месяцаў. Спецыялісты абгрунтоўваюць гэта выгадай для вядзення бізнэсу з удзелам замежных аматараў пастраляць.

«Мы ўнеслі прапанову па ваўках з вопыту Літвы і Латвіі: зрабіць аб'ектыўныя ўлікі папуляцыі гэтых жывёл. А таксама кожны год вызначаць колькасны дазвол на адстрэл, які ў выпадку можна і адкарэктаваць у час сезона. Акрамя ўсяго, мы настойваем на забароне палявання на цяжарных ваўчыц і ваўчанят», — каментуе Аляксандр Вінчэўскі.

Не абмінулі ўвагай эксперты экаНДА і колькасць глушцоў. Справа ў тым, што ў Беларусі папуляцыя гэтай неверагодна прыгожай птушкі рэзка скарачаецца. Вядома, паляванне адмоўна ўплывае на сітуацыю і дадае праблем.

Была ў экспертаў прапанова па ўвядзенні часовага мараторыя на адстрэл глушца, як, напрыклад, у 1990-х гадах існавала забарона забіваць лася, што дало ім шанец размножыцца. Але чамусьці ў эфектыўнасць такога метаду не вераць нават у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

«У Еўропе спадае колькасць чырвонагаловага нырка, але ў нас на гэтую птушку можна паляваць і вясной. Таму, магчыма, калі не зусім выключаць яго са спісу дазволеных відаў, то хаця б на вясенні сезон забараніць адстрэл.

Шэрых гусей трэба ўзяць пад ахову, яны ў цэлым былі ўключаны ў паляўнічыя спісы па жаданні і капрызе аднаго чыноўніка. Варта даць птушкам магчымасць размножыцца», — кажа Аляксандр Вінчэўскі. 

Як дзейнічаць далей у дадзенай сітуацыі, прастаўнікі грамадскіх арганізацый пакуль не могуць адказаць адназначна. Але нежаданне дзяржаўных органаў узаемадзейнічаць з грамадскасцю, нежаданне выкарыстоўваць экспертны патэнцыял экалагічных НДА, вядома, засмучае прадстаўнікоў Багны і АПБ і выклікае некаторыя перасцярогі.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 05.07.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.