«Не хочацца свяціцца ад радыяцыі». Гомельскія пенсіянеры зарабляюць на жыццё продажам ягад

Чарніц цяпер ня так багата на кірмашах Гомеля, але прыгожыя лясныя ягады ўжо з’явіліся на гандлёвых радах.

05.07.2017 Грамадства Крыніца: Радыё Свабода Фота: svaboda.org

Кабета кажа, што каля 6 гадзін хадзіла па лесе, пакуль сабрала 5-літровае вядзерца. Змушаная збіраць нават дробныя чарніцы і везці на рынак, бо «пенсію яшчэ доўга чакаць — яна ў сярэдзіне месяца».

«Дый якая тая пенсія — 250 рублёў, — жаліцца Таццяна. — Я дыспетчарам працавала ў „Гомельаблаўтатрансе“, аднеслі нас да катэгорыі служачых і вызначылі такую пенсію. Пакуль яе дачакаюся, то, можа, хоць на хлеб ды малако зараблю на ягадах».

Сама Таццяна Мікалаеўна і яе суседка па гандлёвым прылаўку нахвальваюць чарніцы: яны, маўляў, для зроку карысныя, стрававання, сардэчна-судзіннай сістэмы.

Пагаджаюся з агаворкаю: «Гэта калі чарніцы без радыяцыі».

«Я правярала, 32 адзінкі, а норма — 185», — даводзіць збіральніца ягад.

Чарніцы з лабараторным цэтлікам

У цэтліку лабараторыі міні-рынку «Аэрадром», якая адносіцца да гарадской ветэрынарнай станцыі, сапраўды напісана: «Норма 185 Бк/кг». Правільна напісаць: дапушчальны ўзровень 185 бэкерэляў на кілаграм, а не норма. Іначай выглядае, што радыяцыі нібыта бракуе ў чарніцах.

На Прывакзальным рынку ляснымі ягадамі гандлюе вясковец Анатоль з вёскі Краўцоўка. Ягады ў яго таннейшыя: за шклянку — 1 рубель 50 капеек. Ён не хоча паказваць цэтлік праверкі чарніц на радыяцыю, нават злуецца: «А навошта? Сказалі, што норма».

Вясковец таксама ходзіць у лес, каб мець нейкую прыбаўку да пенсіі. Яна ў Анатоля нават меншая — усяго 200 рублёў. Суразмоўца працаваў у камбінаце «Сож» дэзінфектарам.

«Такое ў нас жыццё, — даводзіць вясковец, — хоць некаторыя і лічаць, што пенсіянерам жывецца лепей».

На Цэнтральным рынку чарніцы прадаюць у трох месцах. Кошт ва ўсіх аднолькавы: шклянка — 2 рублі. Многія пакупнікі падыходзяць, пытаюцца пра кошт і сыходзяць. Дорага.

Гараджанін Пётр прадае з жонкаю і клубніцы, і чарніцы:

«Сабралі ў лесе за вёскаю Прыбар, праверылі на радыяцыю, можна прадаваць. Людзі бяруць на варэнікі альбо проста паласавацца. Кошт, можа, і высакаваты, але ж чарніц у лесе мала. Гэта, лічыце, першыя. Будзе больш чарніц, кошты знізяцца — такі закон рынку».

За тры дзесяцігоддзі пасля Чарнобылю жыхары рэгіёну больш абачліва пачалі ставіцца да ягад і грыбоў. Прынамсі, на рынках імкнуцца не купляць «дары лесу», не правераныя ў лабараторыі.

«Мне чарніцы падабаюцца, — кажа гараджанін Ігар. — Калі бачу, што правераныя, купляю. Не правераныя не бяру, каб не „свяціцца“ ад радыяцыі. У нас усё-ткі шмат месцаў, дзе і хадзіць не варта, а не толькі нешта збіраць да стала».

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 05.07.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.