Сабака трапіў у бітумную пастку на ўскрайку Рэчыцы. Наступныя – людзі? (жорсткія фота)

Некалькі дзён таму ветэрынары ў адной з клінік Рэчыцы адчайна змагаліся за жыццё сабачаняці, якога ім прывезлі мясцовыя ратавальнікі. Уся поўсць шчаняці была ў чорным бітуме. Адмыць яго нельга было нават растваральнікамі. У спробах уратаваць сабаку яго давялося абстрыгчы. У адной з суполак горада у сацсетках валанцёры нават паспелі абвесціць пра пошук гаспадароў для малога чацвяралапага пацярпелага.

10.05.2018 Экалогія горада Аўтар: Андрусь Гаёвы Фота: Андрусь Гаёвы, відавочцы

Вуліца Цагельная размешчана на самым ускрайку Рэчыцы. Побач два зачыненыя прадпрыемствы: былы цагельны завод і былы завод мастацкай керамікі. Апошняму некалі належалі ачыстныя збудаванні, а калі патрэба ў іх мінула, у пусты адстойнік падчас аднае з рэканструкцыяў цэхавага даху скінулі непатрэбныя лішкі бітуму.

Бітумнай сметніцы ўжо больш за 20 гадоў. І ўвесь гэты час жыхары навакольных дамоў спрабавалі неяк ліквідаваць вынік безгаспадарчасці кіраўнікоў даўно неіснуючага завода. Бітумнае возера прыкідвалі глебай, туды закідалі рознае ламачча. Але як толькі ўлетку сонейка прыгравала, усё, што ўкінулі ў бітум, там патанала, а на паверхні зноў з’яўляліся чорныя плямы. А ў спякотнае надвор’е з сонечнага боку бітум пачынае сачыцца і праз бакавыя барты абвалоўкі былога адстойніка.

Сёлетняя майская спёка рана абудзіла бітумную пастку. Менавіта туды і патрапіў малады сабака. Пранізлівае скуголенне пачуў жыхар прыватнага дома, што дабудоўваецца ў некалькіх дзясятках метрах ад пагорка ў сярэдзіне з бітумам Ігар Чараднік.

– Мы купілі гэты ўчастак гадоў пяць таму. Ужо амаль дабудавалі дом. І я нават не ведаў, што зусім побач такая небяспечная мясціна – ну кусты і кусты, а што там – я не цікавіўся, – гаворыць Ігар. – Пачуўшы ўвечары віск сабакі, я пайшоў пабачыць, што там робіцца. Убачыў лужыну распаленага ўдзень на сонцы бітуму, які ўжо надвячоркам пачаў зноў застываць і шчыльна трымаў у сабе сабаку. Я спрабаваў выцягнуць яго сам, але не даў рады і выклікаў ратавальнікаў. Разам з імі мы вызвалілі шчаня з бітумнага палону ды адвезлі яго ў ветклініку, дзе за яго жыццё змагаліся ветэрынары – адмывалі, стрыглі, галілі, паставілі кропельніцу. Але ўсе намаганні не далі плёну – назаўтра сабака памёр наўпрост пад кропельніцай у клініцы. Мусіць накаўтаўся гэтага ўсяго, спрабуючы вызваліцца ў палону.

Ужо пазней, падчас абмеркавання сітуацыі з суседзямі Ігар даведаўся, што тыя шмат разоў выцягвалі з бітумнай пасткі і дзяцей, якім цікава было пахадзіць па дрыготкай бліскучай паверхні, якая ў некаторых месцах разрыналася чорнаю прорваю, праглынаючы ногу дзіцяці.

– Колькі там дзіцячых сандалікаў ды розных кедаў пахавана за гэтыя дваццаць год – не злічыць, – кажа яшчэ адзін мясцовы жыхар, пенсіянер Яўген Жукаў. – Добра, што дарослыя паспявалі падбегчы і выцягнуць. Побач са сваімі дамамі проста на вуліцы мы самі сумесна абсталявалі дзіцячую пляцоўку з горкай і арэлямі і тут у выходныя шмат дзетак з навакольных дамоў збіраецца. Не ўпільнуеш, як іх зацягне на пагорак, які тоіць у сабе небяспеку.

У Ігара Чарадніка гадуецца чацвёра сыноў – трох, пяці, сямі і пятнаццаці гадоў. І калі за старэйшага ён больш-менш спакойны, дык тое, якая небяспека можа спасцярэгчы малых, уводзіць сям’ю ў жах. Асабліва, пабачыўшы тое, што здарылася з сабакам.

– Калі я не пакашу своечасова траву каля плоту, дык адразу сюды едуць і экалогія, і санстанцыя, і майстры ЖЭУ і пішуць прадпісанні ды пратаколы. А тут сапраўдная небяспека: і экалагічная і чыста тэхнічная, але ніводная дзяржаўная служба нікога не карае і не ліквідуе гэты жах, – дадае Ігар Чараднік.

Яўген Жукаў кажа, што летась ён асабіста хадзіў з гэтым пытаннем на прыём да раённых кіраўнікоў, на месца выязджаў генеральны дырэктар Рэчыцкага райжылкамгасу Аляксандр Рапейка і начальніца землеўпарадкавальнай службы Рэчыцкага райвыканкаму Вольга Астапенка. Тэрыторыя належыць гораду. Генеральны рэчыцкі камунальнік на словах паабяцаў тады, што ў бліжэйшы час небяспечнае пахаванне бітуму будзе ліквідаванае. Але справа за год так і не зрушылася.

Цяпер у райжылкамгасе ўжо іншы генеральны дырэктар – былы начальнік мясцовага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Лялік, які сітуацыю не ведае. Гомельскі зялёны партал паспрабаваў звярнуцца ў райжылкамгас з просьбай пракаментаваць сітуацыю. Там далі нумар мабільнага тэлефона намесніка генеральнага па жыллёвай і камунальнай гаспадарцы Валерыя Цімашэнкі, які папрасіў нас патэлефанаваць пазней, але потым да канца перадсвяточнага дня 8 мая так і не здымаў слухаўку.

Паводле прагнозаў сіноптыкаў сёлетняе лета чакаецца надзвычай спякотным. І жыхары вуліцы Цагельнай у Рэчыцы нежартоўна хвалююцца, каб закінутае пахаванне бітуму не выклікала рэальных пахаванняў не толькі сабак, але і людзей.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 10.05.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.