Не палі траву, не чыні бяды. Узгадваем пра шкоду і небяспеку вясенніх палаў (+ тэст)

Кожная вясна прыносіць не толькі радасць аднаўлення прыроды, але і страшэныя наступствы  традыцыйных палаў травы. І нягледзячы на папярэджанні Міністэрства надзвычайных сітуацый пра небяспеку некантралюемых выпалаў травы, адміністратыўную адказнасць у выглядзе штрафа і смяротныя выпадкі, падаецца, гэту звычку з нашага чалавека не выбіць ніяк.

Звыклая карціна "маладой" прыроды па вясне, калі абапал дарог і ля вёсак сакавітая зеляніла прабіваецца скрозь чорную абвугленую зямлю. Так здараецца праз мэтанакіраваны выпал мінулагодняга сухастою, што з'яўляецца як толькі сыходзіць снег.

Хтосьці сапраўды апраўдвае гэта "барацьбой" з травянымі рэшткамі і навядзеннем парадку на ўчастках, маўляў, так хутчэй адновіцца расліннасць. Іншыя кажуць пра знішчэнне шкоднікаў: кляшчоў ды вусяняў, што прачынаюцца з цяплом.

Па словах спецыялістаў Greenpeace Расіі, карысці ад выпальвання травы на самой справе мала. Глеба ад пажара праграецца нязначна, а ў агні згарае насенне раслін. Няма эфекту і ад угнаення зямлі попелам. Тым больш, што мінеральныя рэчывы так ці інакш патрапілі б у глебу, калі гніе сухая трава.

Травяныя пажары, наадварот, адмоўна ўплываюць на ўрадлівасць глебы праз тое, што губляюцца азотныя злучэнні, асноўная частка якіх згарае. А таксама на арганічныя ўласцівасці глебы, якія забяспечваюць яе рыхласць і порыстасць, а значыць здольнасць прапускаць і ўтрымлівасць вадкасць і іншыя карысныя рэчывы.

Да ўсяго ў агні гінуць і карысныя казуркі, што з'яўляюцца часткай экасістэмы. Як і дробныя істоты, некаторыя птушкі, што выкарыстоўваюць палеткі для вывядзення малых.

Не варта забывацца, што сярод сухастою знаходзіцца шмат бытавога смецця, якое ў кантакце з агнём выдзяляе шкодныя і атрутныя рэчавы. Па інфармацыі Цэнтра экалагічных рашэнняў, пры згаранні гумы утвараецца канцэрагенны попел і окісы серы, якія могуць выклікаць распіраторныя захворванні.

Пры згаранні нейлона, паралона, паліурэтанавай набіўкі мэблі і многіх сентытычных тканін выдзяляюцца цыаніды. Пры патрапленні рэчаў з пластыка ў аглнь утвараецца не менш 75% патэнцыйна таксічных рэчываў.

Шкоднымі і небяспечнымі таксама з'яўляюцца рэшткі старых драўляных збудаванняў, якія могуць быць апрацаваны фабай са свінцом ці кансервантам пентахлорфенолам.

Часта палы становяцца прычынай больш сур'ёзных пажараў, калі згараюць цэлыя вёскі і лясныя масівы.

Нягледзячы на тое, што цёплае і сухое надвор'е ўсталявалася ў Беларусі не так даўно. МНС ужо фіксуе чалавечыя ахвяры ад палаў травы. Так, у мінулыя выхадныя ў Столінскім раёне загінуў мужчына 1957 года наражэння, перадае сайт Белновости.

Верагодней за ўсё здарэнне адбылося ў выніку неасцярожнага абыходжання з агнём пры навядзенні парадку на дачным участку, мяркуюць выратавальнікі.

Нагадваем, што за наўмыснае выпальванне травы згодна з артыкулам 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь "Аб адміністрацыйных правапарушэннях" прадугледжанна пакаранне ў выглядзе штрафа памерам ад 10 да 40 базавых велечынь. На сённяшні дзень гэта сума складае: ад 245 да 980 рублёў.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 12.04.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.