Як улада спужалася слова «квест», а грамадскасць Мазыра даказала: яна сама можа несці адказнасць за Прыпяць

На 10 чэрвеня ў Мазыры актывісты кампаніі па абароне Прыпяці анансавалі квест – гульня-спаборніцтва, падчас якой ўдзельнікі мусілі прыбраць смецце на беразе ракі. У сітуацыю ўмяшаліся мясцовыя чыноўнікі: квест вырашалі не праводзіць. Затое на берагах Прыпяці адбыліся ажно тры суботнікі! 

12.06.2017 Грамадства Аўтар: Андрусь Гаёвы Фота: Андрусь Гаёвы

Зварот каардынатара ініцыятывы «Зялёны дазор» па Мазырскім раёне Паўла Наздры ў райвыканкам з электронным паведамленнем аб намеры правесці на беразе Прыпяці антысмеццевы квест – у форме спаборніцтва, падзяліўшы бераг на ўчасткі, сабраць на іх смецце, а потым вызначыць тых, у каго вынік атрымаўся найбольш якасным і заахвоціць падарункамі, выклікаў шал і спуг у чыноўнікаў. 

– Спачатку кіраўнік аддзела па рабоце са зваротам грамадзян і юрыдычных асоб, а потым і начальнік аддзела ідалогіі, культуры і па справах моладзі, звязаліся са мной і паведамілі, што квест лічыцца масавым мерапрыемтвам. Згодна з законам «Аб масавых мерапрыемствах» мы павінны былі за два тыдні да яго правядзення звярнуцца ў выканкам па дазвол, – распавядае Павел Наздра. – Я адказаў, што, калі гэта падпадае пад вызначэнне масавага мерапрыемства, мы яго адмяняем, бо несці адказнасць за яго арганізацыю і наступствы ў нас жадання няма. Хаця, звярнуў увагу на тое што насамрэч, гэта самы звычайны суботнік па ўборцы смецця, толькі крыху больш крэатыўны, і яго адмена можа выклікаць не самую станоўчую рэакцыю грамадства. Тады чыноўнікі спужаліся, і сказалі, што яны не зразумелі замежнага слова «квест», а суботнік, маўляў, праводзіць можна! Пад вечар птніцы, напярэдадні акцыі, мне выканкам даў «дабро», і нават патэлефанавалі з райжылкамгасу і паведамілі, што ім прыйшло ўказанне накіраваць на нашу акцыю смеццявоз для вывазу смецця.

Каб папярэдзіць задуманае экаактывістамі і рыбакамі, выканкам вывеў на ўборку берага ў рысе горада чальцоў афіцыйных структураў – выканкама, БРСМ, дзяржінспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету, мясцовай арганізацыі таварыства паляўнічых і рыбаловаў, якая, дарэчы, стала пераможцам выканкамаўскага аўкцыёну за права арэнды Прыпяці. 

Такім чынам, з падачы мазырскага зялёнага дазорнага і грамадскасці, афіцыйная ўборка, якая адбывалася ў працоўны час, праходзіла ў чацвер і пятніцу, а ў суботу на бераг Прыпяці выйшлі дабраахвотнікі. 

– Я сёння ў дзве гадзіны ночы паехаў на рыбалку, каб у 11 раніцы паспець сюды і паўдзельнічаць ва ўборцы ракі. Гэта ж нашае, таму мы ўсе павінны на яе берагах падтрымліваць парадак! – сказаў карэспандэнту Гомельскага Зялёнага партала мужчына, які назваўся «проста Сярожа».

А вось кампанія маладых удзельнікаў акцыі – Ігар, Марыя і Аляксандр, мае больш сур’ёзныя думкі і намеры: 

– У людзей у галаве павінна выспець, што ўтрымліваць раку ў належным стане мы разам можам самі і аніякія арандатары нам для гэтага не патрэбныя. І сёння адбыўся пробны, так бы мовіць, пралог таго, што, мы ўпэўненыя, стане традыцыяй. У сітуацыі з арандатарамі дзяржорганы і той арандатар проста імітуюць работу. У нас тут быў арандатар – смецце было паўсюль. Інспекцыям было на каго пісаць пратаколы, асабліва не напружваючыся ў пошуку рэальных парушальнікаў: нейкая пешка ў арандатара заплоціць штраф, яму той штраф кампенсуюць прэміяй, і ўсё застаецца ў ранейшым стане. А цяпер мы маем шанец даказаць, што грамадскасць здольная сама ўтрымліваць нашу агульную раку, прычым, больш эфектыўна, чым нейкія прыватызатары прыроды. Людзі, падчас змагання супраць гэтай арэнды, узвысілі сваю самасвядомасць і адказнасць. Сюды нікога не гналі прымусова, не вызвалялі ад асноўнай працы – усе прыйшлі на заклік свайго сумлення ў вольны час. І сёняшняя ўборка – гэта толькі пачатак! 

Самыя актыўныя ўдзельнікі ўборкі Прыпяці, усё ж, атрымалі падарункі прадастаўленыя адным з актывістаў рыбацкай кампаніі, прадпрымальнікам Дзмітрыем Багачовым.

Падчас акцыі прыбралі каля кіламетра працягласці берага і, як засведчыў кіроўца камунальніцкага смеццявоза, сабралі недзе 10 стандартных смеццевых кантэйнераў. Гэта добрых 12 кубаметраў. Пры гэтым, смецце збіралі асобна: пластык, шкло, папера ды розны іншы друз у асобныя пакеты. І машына павезла гэтыя адыходы не на палігон, а на сартыроўку, каб тое, што можна, накіраваць на перапрацоўку. 

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 12.06.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.