Рукі ў дапамогу: у Гомелі працягваецца барацьба з баршчавіком Сасноўскага

Інвазіўную расліну завезлі на тэрыторыю Гомельшчыны ў якасці корма для буйнога рагатага ската. Баршчавік таксама хацелі высаджваць уздоўж дарог. Але навукоўцы недаацанілі магчымасці баршчавіка: ён пачаў распаўсюджвацца на шматлікія тэрыторыі бескантрольна.
 

14.11.2017 Экалогія горада Аўтар: Марына Драбышэўская Фота: Марына Драбышэўская

– У 70-я гады баршчавіком планавалі карміць буйны рагаты скот. Але каровы яго есці не сталі. Потым яго сталі садзіць як агароджы ўздоўж дарог, каб каровы не выходзілі на дарогі, – тлумачыць актывістка АSDEMO Ірына Ляніўка. – Яго насенне вельмі лёгкае, і калі расліна выспявае, насенне разлятаецца на дзясяткі і нават сотні кіламетраў.  Баршчавік захоплівае ўсе пустыры, усе вольныя праторы, якія толькі магчыма.  Менавіта з гэтай прычыны зараз узнікаюць праблемы: у цёплае летняе надвор’е яго рваць голымі рукамі нельга – гэта можа прывесці да сур’ёзнага фотаапёка, які вельмі доўга не загойваецца. 

Магчымасць знішчаць баршчавік ручным метадам ёсць толькі тады, калі ён ужо адмёр. Таму, каб папярэдзіць далейшае распаўсюджванне шкоднай расліны, актывісты АSDEMO разам з Гомельскім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выехалі на пляцоўку ў раёне вуліцы Механічная, каб ачысціць тэрыторыю ад баршчавіка Сасноўскага. Бо на дадзенай тэрыторыі і блізу яе знаходзіцца прыватны сектар і будуецца новы жылы раён шматпавярховікаў. 

– Жывёлаў ці казурак, якія б елі баршчавік, няма, што дазваляе яму распаўсюджвацца бескантрольна, - дадае Ірына Ляніўка. – Зараз таксама існуе пілотны праект знішчэння баршчавіка з дапамогай гербіцыдаў. Але гэтая тэхналогія пакуль што выпрабоўваецца і невядома, як будзе сябе пры гэтым паводзіць баршчавік. Таму сёння мы паралельна знішчаем яго ўручную, каб расліна не распаўсюдзілася далей у горад.  


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 14.11.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.