Хопіць труціць зямлю! «Зялёны дазор» у Мазыры змагаецца з неахайнасцю камунальнікаў

Мазырскія актывісты кампаніі «Зялёны дазор» распачалі барацьбу супраць парушэнняў экалагічных патрабаванняў пры выкарыстанні пяшчана-солевых сумесяў на вуліцах Мазыра. 

16.03.2017 Грамадства Аўтар: Андрусь Гаёвы Фота: Павел Наздра, pixabay.com

Пасля таго, як растаў снег і сонейка крыху прагрэла зямлю, наступствы захоўвання так званых супрацьгалалёдных рэагентаў сталі асабліва заўважнымі. Камунальнікі горада захоўвалі пашчана-солевыя сумесі ў драўляных скрынях, альбо наўпрост у кучах непасрэдна на газонах, паміж дрэвамі альбо кустамі. 

Вада ад снегу, які сёлета раставаў вельмі хутка, размывала тэхнічную соль, а тая актыўна ўсмоктвалася ў глебу. Пасля высыхання глебы на яе паверхні засталіся белыя засоленыя плямы, якія і прыцягнулі ўвагу грамадскіх эколагаў. 

Сумесь пяска і тэхнічнай солі NaCl, як сведчаць экалагічныя даследаванні, не такая бяскрыўдная рэч. Той стан залёных насаджэнняў, які можна бачыць улетку, калі ўжо ў чэрвені раптам жаўцее лісце на цэлых алеях каштанаў, ліпаў ды іншых дрэваў выкліканы менавіта зімовай і вясновай неахайнасцю камунальнікаў. Натрый, што вымываецца расталымі водамі і накопліваецца ў глебе, лёгка ўсмоктваецца ў капіляры раслінаў, але там ён перашкаджае паглынанню вільгаці. Наступае так званая фізіялагічая засуха. 

Кусты і дрэвы ў такім выпадку могуць нават загінуць. 

Многія заўважалі наступствы шпацыраў на пасыпаных рэагентамі ходніках для свайго скуранога абутку. Скура чаравікаў і ботаў пасля кантакту з солямі робіцца крохкай і пачынае прапускаць ваду. Нескладана ўявіць, што адбываецца з лапамі хатніх і валацужных жывёлаў, якія жывуць у гарадах ды мусяць бегаць па гэтай солі. 

Ну і сама глеба на газонах, дзе ўзімку стаяць скрыні з пяшчана-солевымі сумясямі, улетку нагадвае мёртвыя выспы: яна ўшчыльняецца, гіне травяністая расліннасць, карысныя чарвякі, насякомыя, мікраарганізмы.  

Прааналізаваўшы магчымая наступствы такіх адносінаў да прыроды, кіраўнік мазырскага «Зялёнага дазора» Павел Наздра звярнуўся з лістом да кіраўніцтва мясцовага камунальнага прадпрыемства «Мазырскі райжылкамгас». Ён патрабуе распрацаваць да наступнага зімовага сезона дакладныя месцы размяшчэння ёмістасцяў з пяшчана-солевымі сумесямі. Прычым, для гэтага не павінны выкарыстоўвацца зялёныя зоны. Калі ж скрыня з соллю размяшчаецца на адкрытым грунце, то яна павінна быць усталяваная на паддон з бартамі, абабіты аркушавым жалезам, каб папярэдзіць высыпанне ПСС на грунт і вымыванне яе ў глебу расталымі водамі альбо дажджамі. 

Пакуль актывіст не атрымаў адказу ад камунальнай службы, але спадзяецца, што падобнае атручванне асяроддзя ў Мазыры і яго наваколлі наступнаю зімою спыніцца.  
 

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 16.03.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.