Маю права ведаць! Дзяржаўная прэса дала зялёнаму дазорнаму з Мазыра абяцанне

Актывіст кампаніі «Зялёны дазор» з Мазыра Павел Наздра накіраваў у мясцовую раённую газету «Жыццё Палесся», а таксама ў абласную дзяржаўную газету «Гомельская праўда» звароты з прапановамі рэгулярна і кампетэнтна інфармаваць жыхароў рэгіёну аб экалагічным стане.

17.02.2017 Гомельшчына Аўтар: Андрусь Гаёвы Фота: pixabay.com

– Сёння дастаткова цяжка здабыць афіцыйную інфармацыю аб экалагічным стане паветра, вады, ападкаў на тэрыторыі канкрэтнага горада альбо раёна. Адшукаць яе можа толькі чалавек, абазнаны ў гэтай справе, на сайце Мінпрыроды, дзе свае дадзеныя размяшчае цэнтр па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя, – распавядае Гомельскаму Зялёнаму парталу актывіст. – Шырокая ж грамадскасць пазбаўленая магчымасці адсочваць экалагічны стан тэрыторый, дзе жыве. 

Мэта зваротаў мазырскага актывіста да мясцовых медыяў – зрабіць практыку размяшчэння актуальнай экалагічнай інфармацыі звычайнай і рэгулярнай. У дзеючым заканадаўстве замацавана права грамадзян на доступ да звестак аб экалагічным стане наваколля. 

На свае звароты мазырскі актывіст атрымаў адказы ад абедзвюх газет. Рэдакцыі абяцаюць сёлета весці рэгулярныя рубрыкі і асвятляць экалагічны стан тэрыторый. Застаецца спадзявацца, што гэтыя абяцанні будуць выкананыя. 

Нягледзячы на тое, што экалагічная інфармацыя цікавая многім, але практыка адстойвання свайго права на доступ да яе пакуль не набыла патрэбнага распаўсюду. Таму, прыклад змагання мазырскага экаактывіста за свае правы ў экалагічнай сферы варты пашырэння.     
 

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 17.02.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.