Аўтамыйні на бульвары ў Мазыры не будзе. Перамога праз сацсеткі

Нягледзячы на тое, што ўлады Мазыра старанна імкнуцца схаваць на сваіх сайтах інфармацыю пра грамадскія абмеркаванні, яна праз высілкі экаактывістаў трапляе ў сацыяльныя сеткі. Як паказавае практыка, грамадскія абмеркаванні ў выглядзе інтэрнэт-рэзанансу для райвыканкамаў больш выніковыя. 

17.11.2017 Гомельшчына Аўтар: Андрусь Гаёвы Фота: Павал Наздра

Паведамленне пра тое, што ў райвыканкаме павінна адбыцца грамадскае абмеркаванне праекта рэканструкцыі гандлёвага цэнтра «Global-market», з’явілася на сайце райвыканкама 8 лістапада. Аб гэтым сведчыць дата размяшчэння паведамлення на скрын-шоце, які маецца ў распараджэнні Гомельскага Зялёнага партала

Абмяркоўваць запрашалі на наступны дзень. Але цяпер ужо гэтага паведамлення на сайце выканкама няма. Першае паведамленне, размешчанае ў адпаведным раздзеле, – пра тое, што грамадскае абмеркаванне рэканструкцыі гэтага цэнтра будзе адбывацца з 16 кастрычніка па 9 лістапада. І размяшчэнне яго датаванае 5 кастрычніка. Праўда, у гэтым паведамленні няма ні слова пра аўтамыйню. Калі грамадскія актывісты даведаліся пра тое, што інвестары збіраюцца не толькі рэканструяваць гандлёвыя залы, але і будаваць ў густанаселеным раёне аўтамыйню, абмеркаванні выліліся ў сацсеткі. Узнялася хваля народнага абурэння. Але менавіта яна і дала пераможны вынік.  
   
Тэлеканал «Мозырь» 16 лістапада паведаміў, што на горадабудаўнічай радзе ў райцэнтры вырашана адмовіцца ад будаўніцтва аўтамыйні падчас рэканструкцыі гандлёвага цэнтра «Global-market» на бульвары Дружбы. 

Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Мазырскага райвыканкама Яўген Рыхцікаў у сюжэце адзначыў, што падчас абмеркаванняў ва ўладны орган паступіла «некалькі» калектыўных зваротаў, якія змяшчалі каля 120 подпісаў супраць будаўніцтва аўтамыйні ў густанаселеным раёне. Пры гэтым у відэарадзе бачная амаль пустая зала пасяджэнняў, у якой сядзяць не болей за 10 чалавек. Тым не менш, для прыняцця рашэння аб адмове ад будаўніцтва аўтамыйні спатрэбіўся грамадскі рэзананс. 

Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва зразумеў, што праект будаўніцтва аўтамыйні побач з жылымі шматпавярховікамі – не самае разумнае архітэктурнае рашэнне. Але, як сказаў Гомельскаму Зялёнаму парталу кардынатар ініцыятывы «Зялёны дазор» па Мазырскім рэгіёне Павел Наздра, ён чакае адказу ад пракуратуры Гомельскай вобласці на свой зварот з патрабаваннем большай адкрытасці інфармацыі пра грамадскія абмеркаванні праектаў, якія могуць уплываць на экалагічную абстаноўку ў рэгіёнах.  

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 17.11.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.