Навошта ім гэта? Гамельчукі прапануюць аднавіць старажытную крыніцу ў зоне адсялення 

«Кірмаш праектаў» у Гомелі сабраў аўтараў васьмі праектаў, якія перакананыя: яны могуць палепшыць жыццё рэгіёна. Адзін з прапанаваных праектаў мае відавочны экалагічны аспект. 

19.05.2017 Гомельшчына Аўтар: Андрусь Гаёвы Фота: Юлія Сівец

Старажытная крыніца каля вёскі Будзішча Чачэрскага раёна – адзінае месца, адкуль мясцовыя жыхары могуць здабыць ваду. 

– Будзішча знаходзіцца ў зоне з правам на адсяленне пасля чарнобыльскай катастрофы. Калісьці ў вёсцы функцыянаваў вадаправод, але ўжо некалькі гадоў, як ён разбурыўся і калонкі не працуюць, – распавёў адзін з аўтараў праекта па адраджэнні крыніцы Мікола Бянько.  

Паводле Юліі Сівец, якая разам з Міколам распрацоўвае праект аднаўлення будзішчанскай крыніцы, тыя некалькі састарэлых жыхарак, якія дагэтуль жывуць у вёсцы, і ў якасці пітной вады, і для розных гаспадарчых патрэбаў выкарыстоўваюць ваду са старажытнай крыніцы.

Для жыхароў гэтая крыніца мае яшчэ і сакральную значнасць. Яна ахутаная цэлым шэрагам легендаў і паданняў, якія прымушаюць тубыльцаў, нават тых, якія з’ехалі на сталае пражыванне ў іншыя месцы, прыходзіць да вытоку і ладзіць адмысловыя традыцыйныя рытуалы. 

Мікола і Юлія адзначаюць, што калі ўгледзецца ў празрыстую ваду, то можна заўважыць, як у глыбіні яна віруе – з-пад зямлі дагэтуль б’юць ключы. Прычым вада адрозніваецца дзівоснаю чысцінёй. Хаця, на забруджанасць радыёактыўнымі рэчывамі, вядома ж, яе ніхто не правяраў, але ўлічваючы, што мясцовыя жыхары менавіта яе выкарыстоўваюць для ўсіх сваіх патрэбаў, значнасць гэтай крыніцы не выклікае сумневаў. 

Крыніца складаецца з двух вялікіх калодзежаў, якія выкананыя з драўляных бярвенняў. З аднаго калодзежа людзі чэрпаюць ваду для харчовых патрэбаў, другі ж служыць для мыцця як саміх людзей, так і бялізны. Але ад часу драўляная «вопратка» крыніцы ўжо наўпрост спарахнела і патрабуе тэрміновай замены, бо разбураюцца і месцы выхаду падземных вод. 

Мікола і Юлія ужо знайшлі майстроў, якія здольныя зрабіць новыя зрубы для калодзежаў, спускі да вады ды іншыя драўляныя дэталі. Але на канчатковае ажыццяўленне задуманага патрэбныя фінансавыя сродкі. 

Сузаснавацелька установы «Human Constanta» Ганна Бараноўская, якая выступала экспертам на «Кірмашы праектаў», у інтэрв’ю Гомельскаму Зялёнаму парталу адзначыла, што клопат пра экалагічны стан рэгіёна – вельмі важны. І такога кшталту аб’екты, як крыніца ў Будзішчы, якія маюць не толькі культурніцкую, але і экалагічную значнасць, варта прасоўваць і праз культурніцкія пляцоўкі, і праз экалагічныя, заахвочваць імі бізнес. 

– Праект адраджэння аўтэнтычнай старажытнай крыніцы папросту неабходна ўвасобіць у жыццё, каб не страціць такі важны прыродны і культурніцкі аб’ект, але трэба выкарыстаць максімум магчымых шляхоў ажыццяўлення задуманага. 

Цягам бліжэйшых тыдняў кампанія «Будзьма» мусіць вызначыць тыя праекты, якія атрымаюць падтрымку. Але ці зможа культурніцкая ініцыятыва цалкам забяспечыць патрэбы праекта, што мае і экалагічную, і сацыяльную значнасць, сказаць пакуль цяжка. 

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 19.05.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.

  • Ассоциация детей и молодежи
  • Багна
  • Белорусская Антиядерная Кампания
  • Беларускі камітэт Дзеці Чарнобыля
  • Выратуем прыпяцкіе дубровы
  • Экадом
  • Городской лесничий
  • Дзіцячыя экалагічныя майстэрні
  • Мінскае роварная таварыства
  • Неруш
  • Велогродно
  • Живое партнерство
  • За чистую Припять
  • Время Земли