Мазыр «бацьку» не баіцца? Рыхтуючы будпляцоўку, 33 дрэвы знішчылі яшчэ да пачатку грамадскага абмеркавання

На хвалі пратэстаў жыхароў многіх беларускіх гарадоў супраць знішчэння зялёных насаджэнняў, Аляксандр Лукашэнка мусіў жорстка асадзіць гарадскія ўлады Мінска і Гомеля за імкненне будаваць на месцы зялёных зон. Але прэзідэнцкі наганяй, відаць, не пачулі ў Мазыры. 
 

23.10.2017 Гомельшчына Аўтар: Андрусь Гаёвы Фота: Павал Наздра

16 кастрычніка ў горадзе павінны былі пачацца грамадскія абмеркаванні праекту рэканструкцыі гандлёва-забаўляльнага цэнтру пад супермаркет. Праўда, мясцовы райвыканкам прыклаў немалыя намаганні, каб на сваім сайце схаваць паведамленне аб правядзенні слуханняў як мага далей. Рубрыка «Грамадскія абмеркаванні» стаіць у правай калонцы аж на сёмым месцы, а патрэбнае паведамленне размешчанае ў гэтай рубрыцы на другой старонцы, хаця на першай – спасылка толькі на адно іншае паведамленне. 

Тым не менш, рабочыя з бензапіламі прыехалі на ўчастак, не чакаючы нават пачатку грамадскага абмеркавання. У нядзелю 15 кастрычніка зраніцы жыхароў бліжэйшых шматпавярховікаў абудзіў рокат матораў і трэск галля падаючых каштанаў. Людзі выбеглі, каб разабрацца, што адбываецца. Але рабочыя сказалі, што ўсе дакументы ў гаспадара гандлёва-забаўляльнага цэнтра – індывідуальнага прадпрымальніка Г.В. Лінкевіч, усё робіцца паводле праекту. Работы працягнуліся.

Жыхары паведамілі карэспандэнту Гомельскага Зялёнага партала, што яны тэлефанавалі ў міліцыю, але ніхто не прыехаў. На працягу дня тэхніка яшчэ і разбурыла прылеглую дзіцячую пляцоўку.

16 кастрычніка на месцы высечкі адбыўся стыхійны сход жыхароў. Людзі распавялі нашаму карэспандэнту, што на сход прыехаў і ўласнік гандлёва-забаўляльнага цэнтру, які аджартаваўся, што не ведае, хто высек дрэвы, маўляў, гэта камусьці дровы спатрэбіліся.  

Жыхары прылеглых дамоў паведамілі аб высечцы рэгіянальнаму кіраўніку ініцыятывы «Зялёны дазор» Паўлу Наздры. Ён паспрабаваў быў высветліць падрабязнасці ў мясцовым райжылкамгасе, але там пра высечку нічога не ведаюць. Тады актывіст склаў зварот у пракуратуру з мэтай прыцягнення да адказнасці вінаватых. 

– Я лічу што віна ляжыць выключна на уладальніку гандлёва-забаўляльнага комплексу, які, заручыўшыся падтрымкай выканкама, не стаў чакаць грамадскіх слуханняў, бо інфармацыя аб іх правядзенні была надзейна схаваная на сайце выканкаму, і там ні слова не сказана аб выдаленні аб’ектаў расліннага свету і знішчэнні дзіцячай пляцоўкі, – кажа Павел Наздра. 

Ён накіраваў зварот у пракуратуру з просьбай правесці праверку і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. 

Як патлумачыў Гомельскаму Зялёнаму парталу начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Мазырскага райвыканкама Яўген Рыхцікаў, сапраўды парушэнне мела месца, матэрыялы аб незаконнай высечцы дрэваў знаходзяцца ў Мазырскай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якая і будзе прымаць рашэнне аб прыцягненні да адказнасці вінаватых. Далейшы лёс аб’екта будаўніцтва будзе залежаць ад вынікаў грамадскага абмеркавання, якое зараз адбываецца. 

У сваю чаргу намеснік начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў Іван Маскалёў, які непасрэдна выязджаў на месца, запэўніў, што матэрыялы перададзеныя ў пракуратуру Мазырскага раёна, бо ў дзеяннях парушальнікаў маюцца прыкметы крымінальнага злачынства. 

Такім чынам, ёсць надзея, што той, хто пазбавіў горад даволе значнай зялёнай зоны, панясе пакаранне. Але варта звярнуць увагу, што сваё права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе павінны абараняць самі жыхары. Цяпер адбываюцца грамадскія абмеркаванні праекта і гараджанам варта ўзяць актыўны ўдзел у іх, каб папярэдзіць магчымыя парушэнні сваіх правоў. 

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 23.10.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.