Туі замест вербаў каля крыніцы? Планы епархіі, што «прайшлі усе колы пекла», абурылі гамельчукоў 

Крыніца б’е з-пад зямлі ў зялёнай зоне ў раёне мікрараёна «Стары аэрадром» у Гомелі і даўно вядомая многім жыхарам: людзі бяруць чыстую ваду, акунаюцца ў купель ды адпачываюць у зацені старых вербаў. І вось над зялёным кутком навісла пагроза ў выглядзе плана добраўпарадкавання з высечкай дрэў, заменай туямі вербаў, укладкай пліткі і ўсталяваннем новай купелі. 

24.08.2017 Экалогія горада Аўтар: Андрусь Гаёвы Фота: Андрусь Гаёвы, Пошукі старога Гомеля

18 жніўня каля крыніцы мясцовыя жыхары заўважылі рабочых, якія пачалі пілаваць вербы, што зацянялі сцяжыну да крыніцы. Людзі сабраліся каля крыніцы і не далі рабочым працягваць высечку. Работы меркавалася працягнуць 21 жніўня.

На выходных каля крыніцы, а таксама на аўтобусным прыпынку на вуліцы Юбілейнай, з’явіліся аб’явы з заклікам прыйсці на абарону прыроды каля крыніцы. 

«Тут нас радавала не толькі свежая жыватворная вада, але і цяністая прахалода дзікай прыроды. Маці тут шпацыравалі на чыстым паветры з немаўлятамі ў вазочках. Вядома, што пасля грубых умяшальніцтваў у прыроднае асяроддзе крыніцы спынялі даваць ваду. Дрэвы і цень прыцягваюць падземныя воды», – гаворыцца ў адозве. 

21 жніўня да крыніцы прыехала брыгада супрацоўнікаў Гомельскіх цепласетак, але рабочым не далі разгарнуць працу па далейшай высечцы дрэваў. 

– Я даведаўся, што гэта Гомельская епархія РПЦ хоча тут нешта перарабіць, – кажа Гомельскаму Зялёнаму парталу мясцовы жыхар, які назваўся Аляксандрам. – Я таксама веруючы чалавек, але я лічу, што дзікая прырода - гэтыя дрэвы, гэтая крыніца, гэтая балацявіна – створаныя Богам у такім дзікім выглядзе. Якое права маюць святары ўтыркацца ў гэтую прыроду і нешта там пераіначваць? За тое, што яны паставілі там новыя кольцы і закрылі іх вечкам, каб некторыя не мылі ў крыніцы пустыя бутэлькі – дзякуй. Хаця і пасля таго ўмяшальніцтва амаль год вада ішла мутная. Але навошта разбураць дзікую прыроду?

Аляксандр распавёў, што ў той жа дзень ён пайшоў асабіста да епіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана. А той яму патлумачыў, што дрэвы, якія навісаюць над крыніцай могуць упасці і забіць наведвальнікаў. Што работы выконвае не епархія, а гарадскія ўлады. Там мяркуецца выкласці пліткай дарожкі, пад’езд, паставіць новую купель, пасадзіць туі. 

– А навошта нам у такім месцы тыя туі, калі там натуральная прырода – вербы, якія заўжды раслі каля ручаіны ў даліне, якія берагуць гэтую крыніцу, чыстае, напоенае водарам дрэваў, паветра?! – абураецца Аляксандр, дадаючы, што з кабінета епіскапа яго ледзь не сілай выправілі. 

Мы на працягу цэлага дня спрабавалі высветліць падрабязнасці ў Гомельскай епархіі. Інфармацыйны аддзел яе накіраваў нас у канцылярыю, дзе адказны супрацоўнік, які мог нешта распавесці, на працягу дня падчас нашых тэлефанаванняў некуды сыходзіў. Толькі на другі дзень яго ўсё ж удалося злавіць. Праўда, ён не пажадаў называцца і адрэгаваў на пытанні пра крыніцу эмацыйна: 

– Гэта не епархія там працуе, а Гомельскі гарвыканкам. А ўвогуле гэты дзед, які там ваду муціць, ішоў бы… адпачыць куды-небудзь! Калі там быў бруд, балота і валялася пад нагамі лайно, дык яны пісалі скаргі. А калі епархія стала ініцыятарам таго, каб там прывесці ўсё ў боскі выгляд, у кагосьці ў галаве, бачыце вы, апынулася глабальнае пацяпленне, а пазаўчора, яшчэ і сонечнае зацменне было. Тры гады ішлі экспертызы, распрацоўваўся праект усяго гэтага. Калі гэты дзядзька лічыць, што ён разумнейшы за ўсе нашыя службы, то я не ведаю, куды яму трэба звяртацца. Гэта робіць Гомельскі гарвыканкам. Але, калі епіскап стаяў там з рыдлёўкай і прыбіраў там лайно, якое гэты ж дзед , хутчэй за ўсё, там і напаскудзіў, гэтага дзеда там не было, а тут яму сэрца забалела – старыя дрэвы зразаюць. Дык іх паводле санітарных нормаў зразаюць. Бо, калі там рабіць купель, як людзі прасілі, абсталяваць яе, гэтыя дрэвы трэба зрэзаць. Бо, калі нейкая з гэтых вербаў упадзе камусьці на галаву, хто будзе адказваць? І там будуць кампенсацыйныя пасадкі. Мы ўвогуле да гэтага не маем дачынення. Так, епархія ініцыявала, бо туды людзі ходзяць, там дзеці купаюцца. Я дакладна ведаю, што там усё робіцца ў адпаведнасці з заканадаўствам і нават узгоднена з прэзідэнтам! Паперы прайшлі ўсе колы пекла. 

Намесніца начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Ірына Маручок паведаміла Гомельскаму Зялёнаму парталу, што любое добраўпарадкаванне ажыццяўляецца на падставе распрацаванай праектнай дакументацыі і выдаткаванага фінансавання. 

– У адміністрацыі Чыгуначнага раёна адсутнічае інфармацыя, каб была нейкая праектная дакументацыя і выдаткаваныя на гэта сродкі. Але сёння ў нас зямельны ўчастак можа быць перададзены ў арэнду, праўда такой інфармацыі ў мяне на сёняшні дзень няма. А выдаленне дрэваў выканана на падставе экспертнага заключэння спецыялізаванай арганізацыі – прадпрыемства «Красная гвоздика», якое прызнала гэтыя дрэвы аварыйнымі, – сказала Ірына Маручок. 

Дарэчы, на аб’яве аб пагрозе для крыніцы, што вывешаная на аўтобусным прыпынку на вуліцы Юбілейнай, нехта асадкаю прыпісаў, што супраціў высечцы дрэваў каля крыніцы – гэта вайна супраць праваслаўя.  

Тым не менш, калі карэспандэнт Гомельскага Зялёнага партала знаходзіўся каля крыніцы, ні ад каго з тых, хто пад’язджаў па ваду альбо акунаўся ў купель, яму не давялося пачуць падтрымкі імкнення пераіначыць выспачку натуральнай прыроды, якая захавалася ў паўмільённым горадзе. Тым больш, што вакол гэтую зялёную зону атачаюць шматпавярховыя мікрараёны. Мы будзем сачыць за развіццём сітуацыі. 

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 24.08.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.