Ці тым хваліцца Мінпрыроды? Наколькі стасуюцца з экалагічнымі мэтамі новыя нафтавыя радовішчы на Гомельшчыне 

У канцы красавіка Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя гучна абвясціла пра тое, што ў Беларусі знойдзены новы паклад нафты. А днямі Мінпрыроды нават зладзіла прэс-тур для журналістаў на гэтае радовішча, каб пахваліцца сваёй знаходкай. Вось толькі ці вартая яна пахвальбы прыродаахоўнага ведамства?

25.05.2017 Грамадства Аўтар: Андрусь Гаёвы Фота: Святаслаў Зоркі, kp.by

Новыя нафтавыя свідравіны павінны з’явіцца ў Жлобінскім раёне на так званай Усходне-Дабрагашчанскай плошчы. Менавіта пра гэты паклад так радасна рапартуе Мінпрыроды. Менавіта сюды яно павезла журналістаў. Адмыслоўцы Навукова-практычнага цэнтра па геалогіі, якія знайшлі нафтаносныя пласты на Жлобіншчыне, ацэньваюць запасы нафты ў гэтым пакладзе ад 350 000 да 800 000 тон. Гучыць унушальна! Але толькі для тых, хто не ведае колькі нафты патрэбна сённяшняй эканоміцы Беларусі.

Пасля выканання апошняга этапа рэканструкцыі ў 2015 годзе аб’ём перапрацоўкі нафты адным толькі Мазырскім Мазырскі нафтаперапрацоўчым заводам складае 12 млн тон на год.

То бок, калі ўлічыць, што запасы разведанага нафтавага пакладу складаюць максімум, на які разлічваюць геолагі, – 800 000 тон, то гэтай нафты Мазырскаму заводу хопіць ажно на… 24 дні.

Канешне, і няпоўны месяц працы завода — гэта таксама добра для яго. Тым больш што беларуская нафта прыдатная для выпуску далёка не ўсіх відаў прадукцыі НПЗ. 

Але кідаецца ў вочы, што з прыходам на пасаду міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя геолага ведамства робіць адчувальны паварот у бок пошуку і распрацоўкі ўсё новых і новых радовішчаў вуглевадародаў ды іншых выкапнёвых рэсурсаў замест прасоўвання сучасных «зялёных» тэхналогій. У пачатку года Мінпрыроды анансавала давядзенне гадавой здабычы нафты ў Беларусі да 5000 тон у 2017-м. Вось і ў згаданым прэс-туры Мінпрыроды ўдзел браў сам міністр Андрэй Каўхута

Такое прагнае пашырэнне пошуку і выкарыстання новых нафтавых свідравін не стасуецца з асноўнымі прыродаахоўнымі мэтамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Неяк здзекліва на гэтым тле гучыць назва дзяржпраграмы, падчас выканання якой шукаюцца новыя радовішчы: «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў»

Гэтыя мізэрныя аб’ёмы знойдзенай нафты наўрад уратуюць эканоміку краіны ад знешняй залежнасці ў энерганосьбітах, а вось навакольнае асяроддзе папсуюць някепска. І сама здабча нафты аказвае адмоўны ўплыў на наваколле: высякаюцца лясы, знішчаюцца існуючыя прыродныя ландшафты і папуляцыі іх жывых насельнікаў, будуюцца адпаведныя камунікацыі, парушаецца гідрарэжым пластоў зямной коркі і г.д. Але яшчэ больш прыкрыя наступствы ад выкарыстання таго, што будзе выраблена з гэтай нафты. 

Чамусці на геолага-разведвальныя працы грошы ў дзяржпраграме «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» маюцца. І апошнім часам, як Андрэй Каўхута ўзначаліў Мінпрыроды, тут ледзьве не штоквартальна рапартуюць, што можна рабіць новыя і новыя свідравіны. А вось прасоўванне «зялёнай» энергетыкі, пашырэнне выкарыстання электрамабіляў ды стварэнне інфрастуктуры для іх ідзе вельмі марудна і ўвесь час з нейкімі цяжкасцямі. 

Тут варта было б прыгледзецца да шляхоў, якімі крочаць іншыя развітыя краіны, якія ўсё актыўней пераводзяць свае эканомікі на «зялёныя» рэйкі. У свеце яшчэ ў 2012 годзе ад узнаўляльных крыніц энергіі выраблялася каля 13% электраэнергіі, а ў 2015-м гэты паказчык дасягнуў 20%.

У той жа час у Беларусі ў 2016 годзе толькі 6% электраэнергіі выраблялася з выкарыстаннем узнаўляльных крыніц, прычым большасць з іх — гэта драўніна і торф.

Сучасныя тэхналогіі, якія маюць на мэце выкарыстанне энергіі сонца альбо ветру, складаюць увогуле мізэрную частку. І пакуль аж да 2035 году ўлады Беларусі ставяць перад сабой мэту дасягнуць толькі 9% узнаўляльных крыніц энергіі ў энергабалансе краіны. 

Што такое перапрацоўка нафты і як яна ўплывае на нашае навакольнае асяроддзе, можна ўявіць з аднаго толькі пераліку шкодных рэчываў, якія выкідвае ўсё той жа Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод: іх у паветра выкідаецца 62 віды! Пры гэтым агульная вага бруду, выкінутага ў паветра прадпрыемствам за 9 месяцаў 2016 года,  склала больш за 25 тон. А колькі яшчэ небяспечных, як для прыроды, так і для самога чалавека, злучэнняў утвараецца падчас выкарыстання прадукцыі гэтага НПЗ на ЦЭЦ, у транспарце ды ў іншых галінах?! 

Актывісты экалагічнага руху Беларусі не падзяляюць эйфарыі, якая сыходзіць ад міністра прыродных рэсурсаў Андрэя Каўхуты з нагоды адкрыцця новых нафтавых радовішчаў. Эколагі з зайздрасцю пазіраюць на тую ж Францыю, дзе ведамства, якое адказвае за энергетыку, з нядаўняга часу стала звацца Міністэрствам пераходу да экалагічнага і салідарнага грамадства, і ўзначаліў яго экаактывіст Нікаля Уло. Ён актыўна прасоўваў ідэі ўзнаўляльнай энергетыкі яшчэ да прызначэння на пасаду міністра праз створаны ім самім фонд. 

Кіраўнік жа нашага дзяржаўнага прыродаахоўнага ведамства — геолаг. І таму ён ганарыцца новымі нафтавымі радовішчамі, а не дасягеннямі «зялёнай» энергетыкі і зніжэннем шкоднага ціску нафтагаліны на прыроду.  

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 25.05.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.