Спадчына ЧАЭС: у Беларусі расце пакаленне з генетычнымі дэфектамі, пад пагрозай — здароўе нацыі

Колькі бы ні спрачаліся лабісты атамнай энергетыкі і антыядзершчыкі, радыяцыя пасля аварыі на ЧАЭС перажыве не адно пакаленне, правакуючы ўзнікненне новых цяжкіх захворванняў. А пераадольваць яе наступствы застанецца простым грамадзянам.

26.04.2017 Эксперт 1 Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: greenbelarus.info, фота з прэзентацыі

Нашы бліжэйшыя суседзі, якія ня менш за беларусаў пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, з 2013 года пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі пачалі праводзіць аздараўляльна-экалагічныя праграмы. Праект накіраваны на падтрымку людзей, што апынуліся ў зоне радыёактыўнага ўздзеяння. Па словах прафесара Юрыя Бандажэўскага, сёння на тэрыторыях, якія лічыліся пасля аварыі «чыстымі», фіксуецца рост ўзроўню заражэння стронцыям, прычым фіксуецца ён у мностве біяаб'ектаў. Так, напрыклад, стронцый знаходзяць у попеле, які выграбаюць з печак мясцовыя жыхары Іванкаўскага раёна. Вядома, што ўтвараецца брудны попел ад зараджанай драўніны, якую спальваюць людзі.

«На жаль, такія нашы рэаліі, у такой сітуацыі знаходзіцца насельніцтва, — падкрэслівае прафесар. — Нас цікавіла ўзаемасувязь экалагічнага стану наваколля і здароўя дзяцей, што пражываюць на дадзенай тэрыторыі».

На працягу 3 год 4000 дзяцей праходзілі абследаванне, якое выявіла вялікі ўплыў радыяцыі на стан здароўя. Перш за ўсё, як кажуць спецыялісты, пад удар патрапіла сардэчна-сасудзістая сістэма: 33% падлеткаў маюць высокі ўзровень пастаяннага артэрыяльнага ціску, які з'яўляецца прычынай раптоўнай смерці. У больш чым 80% дзяцей назіраецца змяненне рытму сэрца. Пры гэтым зніжэнне частаты рытму даследчыкі адзначалі ў хлопчыкаў ўзроставай групы 12-17 год, што ў спалучэнні з іншымі паталогіямі зноў жа з'яўляецца прычынай раптоўнай смерці.

Наступная група парушэнняў — праблемы са шчытападобнай залозай. Нягледзячы на тое, што мы звыклі чуць, маўляў, паталогія звязана з радыёактыўным ёдам, якога ўжо няма, і таму колькасць захворванняў змяншаецца. На жаль, гэта не так, і праблемы са шчытападобнай залозай фіксуюцца нават у дзяцей, што нарадзіліся пасля аварыі на ЧАЭС.

«Справа ў тым, што на залозу аказвае ўплыў радыёактыўны цэзій і іншыя элементы. Акрамя гэтага, арганізм дзяцей адчувае недахоп вялікай колькасці рэчываў, якія неабходныя яму для развіцця. Гэты яшчэ адно наступства аварыі — беднасць, якая крочыць разам з радыяцыяй і прыводзіць да мноства парушэнняў», — зазначае Юрый Бандажэўскі.

Людзі проста вымушаны харчавацца прадуктамі, якія заражаны радыёнуклідамі. Такім чынам арганізм атрымоўвае двайны ўдар: ад радыяцыі і недахоп неабходных рэчываў. Невыпадкова, што ў дзяцей назіраюцца парушэнні і дэфіцыт, напрыклад той жа фоліевай кіслаты.

Акрамя гэтага, у 80% дзяцей выяўлены стан гіпергомацыстэінеміі (паталагічны стан арганізма, калі ў крыві павышаны ўзровень гомацыстэіну — амінакіслаты, што змяшчае серу). Ён прыводзіць да цяжкіх парушэнняў і наступстваў: ад інфарктаў і інсультаў да парокаў развіцця. Вялікі ўплыў на гіпергомацыстэінемію мае радыяцыйны фактар, напрыклад пажары ў зоне адчужэння, якія былі ў 2015 годзе.

Вядома, сёння ўжо даводзіцца казаць пра тое, што неабходна сістэма прафілактыкі, выяўлення груп рызыкі і стварэння ўмоў для папярэджання ўзнікнення цяжкіх паталогій.

«Мы сутыкнуліся з парадаксальнай сітуацыяй: людзі, якія жывуць на забруджанай тэрыторыі, не хочуць разбірацца з праблемай і дапамагаць сваім дзецям. І гэта з улікам, што існуюць варыянты папярэджання захворванняў. Парадаксальная сітуацыя, бо нават жывёлы ратуюць сваіх дзетак!» — здзіўляецца прафесар.

Нельга забываць, што Чарнобыль — дзяржаўная праблема, і перш за ўсё нам неабходна сістэма аб'ектыўнага аналізу. Зараз мы назіраем другі этап наступстваў аварыі на АЭС. Таму, упэўнены Юрый Бандажэўскі, ад уладаў неабходна патрабаваць жорсткага кантролю, каб ні ў арганізме, ні ў прадуктах харчавання не сустракалася радыёактыўных элементаў. Акрамя таго, што людзі, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях, павінны атрымоўваць чыстыя харчы з усім комплексам неабходных вітамінаў і мікраэлементаў, важна праводзіць карэкцыйныя мерапрыемствы. І ўсё гэта рабіць у агульнай сукупнасці.

«На жаль, я не магу даць ацэнку стану здароўя беларускіх дзяцей. Аднак яшчэ ў 1990-я гады мне даводзілася назіраць найцяжэйныя паталогіі ў Гомельскай вобласці: сэрца, печані, шчытападобнай залозы, пашкоджанні органаў зроку.

І неверагодна, што Беларусь будуе Аставецкую АЭС пасля ўсяго, што здарылася. Пры тым, што не толькі беларусы, але і літоўцы будуць адчуваць наступствы ад станцыі ўжо праз некалькі год яе працы. Бо кожная станцыя фаніць, нават пры нармальным цыкле яе функцыянавання. Маюцца даследаванні, якія выявілі, што ў радыусе 10 км ад АЭС узрастае ўзровень захворвання на рак малочнай залозы...

А з улікам, што ужо ёсць пакаленне дзяцей і дарослых з генетычнымі дэфектамі, яны будуць у першай групе рызыкі, якая трапіць пад уздзеянне радыяцыі», — рэзюмуе прафесар Юрый Бандажэўскі.

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ликвидаторы. Переселенцы. Государство: 31 год рядом с радиацией

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 26.04.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.