Сьвятлана Алексіевіч пра сваіх сабак, зварот Бардо да Лукашэнкі і зьдзекі з жывёлаў

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч расказала Свабодзе, што усё жыцьцё мела сабак, брала іх бяздомных на ператрымку, дапамагала ўладкоўваць у сем’і. Кажа, што адзіная партыя, у якую яна б уступіла, была б партыя абароны жывёлаў.​ Нашую размову мы пачынаем з абмеркаваньня звароту францускай акторкі Брыжыт Бардо да Аляксандра Лукашэнкі.

— Француская актрыса і абаронца жывёлаў Брыжыт Бардо апублікавала на сайце свайго фонду адкрыты ліст, адрасаваны Аляксандру Лукашэнку, у якім гаворыцца аб жорсткім абыходжаньні з жывёламі і аб патрэбе прыняць закон, накіраваны на гуманнае абыходжаньне зь бяздомнымі жывёламі. Я калісьці запісвала інтэрвію з зоаабаронцай Анастасіяй Жаўрыд, і тая казала, што ваш голас у абарону бяздомных жывёлаў мог бы дапамагчы палепшыць сытуацыю; каб у вас быў сабачка з прытулку, то гэта моцна паўплывала б на людзей...

— У мяне ёсьць сабачка Мальці пароды шэлці. Яна цяпер жыве з маёй сяброўкай, бо я ўвесь час у разьездах, а браць яе з сабой рызыкоўна для мяне. А ў дачкі — тры коцікі, двух яна падабрала, а аднаго купілі. Аднойчы зь сяброўкай мы ўзялі сабачку на ператрымку. Ён быў такі бедны, няшчасны, і мы яго ўзялі сабе. Усе казалі —​ які маленькі, а ён літаральна за паўгода стаў аграмадным. Гэты сабака быў не для сяброўкі, бо ў яе праблема з вачыма, і яго забралі ў Пецярбург. Сабачка быў вельмі трэніраваны, мы яго прывялі ў форму. Цяпер ён выступае ў сабачых гульнях.

— Ці былі ў вас сабакі ў дзяцінстве, юнацтве?

— У нас заўсёды былі сабакі. Шкада, што яны так мала жывуць — па 13–15 гадоў.

— Калі зоаабаронцы хацелі пачуць ваш голас у падтрымку бяздомных жывёлаў, што б вы сказалі?

— Я заўсёды кажу, што адзіная партыя, у якую я б уступіла, — гэта партыя абароны жывёлаў, дзе рэальна мы можам нешта зрабіць. Наша грамадзтва, вядома, вельмі жорсткае, гэта можна пабачыць у тым, як ставяцца да жывёлаў. У мяне некалькі разоў у маладосьці здараліся досыць жорсткія счэпкі зь людзьмі, якія былі вельмі жорсткія да жывёлаў, да кінутых жывёлаў. З аднаго сабачкі зьдзекаваліся, мы яго забралі і шукалі яму сямʼю. Я нават дала грошы, і мы знайшлі такую сямʼю. Проста зьдзекаваўся сусед зь яго, і мы сабачку проста выратавалі.

Закон, пра які кажа Брыжыт Бардо, павінен быць прыняты. Побач зь Беларусьсю — Украіна, дзе сёньня ідзе вайна, у якой вельмі шмат іншых праблемаў, але там ужо прыняты закон аб крымінальнай адказнасьці за зьдзекі з жывёлаў. І гэта закон, які дзейнічае. У нас нічога падобнага няма. У нас няма такога стану грамадзтва. Такога разуменьня каштоўнасьці іншага жыцьця.

Чытайце таксама: «Не разочаруйте меня!» Брижит Бардо написала открытое письмо Александру Лукашенко

Калі я пісала кнігу «Чарнобыльская малітва», я, як ніколі, адчула гэтую блізкасьць іншага сьвету, як кажуць, братоў нашых меншых. Гэта было самае жахлівае, калі мы езьдзілі па кінутых вёсках, і я даведвалася, што людзей ратавалі, а сабак пакідалі, а потым заходзілі салдаты ці паляўнічыя і забівалі іх. І гэтыя біямагільнікі з забітымі жывёламі — самыя сумныя відовішчы. Заўсёды сорамна было там стаяць.

І ты разумеў, у якім жорсткім і агрэсіўным грамадзтве жывеш, якое не разумее каштоўнасьці жыцьця ўвогуле. А Чарнобыль паказаў, што кожнае жыцьцё — гэта жыцьцё. Я памятаю старую, якая казала: «Я тут адна засталася, але ўсе жывуць, усе да мяне прыходзяць. Ужо пяць вожыкаў да мяне прыйшлі, я ім малачка наліла, сарока прылятала, я ёй нешта дала, вечарам воўк прыходзіў, пастаяў, паглядзеў, але яго не баюся. Ён прыходзіць, таксама, напэўна, хоча пабачыць людзей, бо людзей няма».

І вось гэтага адчуваньня цэльнасьці жывога сьвету я не знаходзіла ні ў генэралаў, ні ў чыноўнікаў, нават у навукоўцаў яго не было. Яно было толькі ў гэтых старых. Хаця павінна сказаць, што калі ішло абмеркаваньне перасяленьня вялікай колькасьці беларусаў (размова ішла пра 300 тысяч, 500 тысяч чалавек), раптам нечакана было пастаўленае пытаньне: «Людзей выратуем, а як выратуем жывёлу?» Амаль дзіцячае пытаньне. Такія пытаньні мне задавалі толькі дзеці, якія хавалі сваіх бедных котак і спрабавалі вывезьці з сабой.

На адным паседжаньні навуковай рады ў Акадэміі навук нехта з вучоных таксама задаў, напэўна, з гледзішча сёньняшняга здаровага сэнсу, дзіцячае пытаньне. А гэта, між іншым, пытаньні будучыні і той сьвет будучыні, да якога мы ідзем і ў якім калі-небудзь будзем жыць.

І таму сёньня невыносна бачыць такую велізарную колькасьць бяздомных маленькіх кацянят. Памятаю, як мая ўнучка выйшла выносіць вядро, вяртаецца з каробкай з-пад абутку, а ў ёй кацяня. Бацька давай на яе крычаць, што ў нас ужо двое кацянят. Яна тады ў 7 ці 8 клясе вучылася. І кажа: «А што ты хацеў? Ён плача, калі я яго пакіну і прыйду сюды. Ці я буду добрая? Як ты думаеш?» І добра, што маці падтрымала і яны забралі сабе гэтага ката.

— Ёсьць меркаваньне, што паколькі беларусы — збольшага вясковая нацыя, то ў іх да свойскіх жывёлаў прагматычнае стаўленьне: гэта ня сябра, не кампаньён, а маёмасьць, адсюль і такая сытуацыя ў краіне з бяздомнымі жывёламі, і мы істотна адрозьніваемся ў гэтым ад эўрапейскіх краінаў, і нават краінаў-суседзяў. Ці вы згаджаецеся з такой думкай?

Кіраўнік выдавецтва „Время“ Барыс Пастарнак у гасьцях у Сьвятланы Алексіевіч Фота з архіву Барыса Пастарнака.

— У пэўным сэнсе так. У мяне ўжо даўно дом у вёсцы, і я памятаю, як заўсёды мяне агаломшвала гэтае жорсткае стаўленьне нашага цудоўнага суседа, пчаляра, да свайго сабакі, да чужых сабак. Можа каменем кінуць, пакалечыць. І нават да каня. Я думаю, што гэта стаўленьне не як да маёмасьці, а як да нечага функцыянальнага, як да таго, што павінна служыць працы. Асабіста мяне гэта вельмі моцна ўражвала, але гэта праўда.

— Аляксандар Лукашэнка ахвотна кантактуе зь дзейнымі ці былымі зоркамі кіно — Жэрарам Дэпардзьё, Стывэнам Сыгалам ды іншымі. Брыжыт Бардо — легенда сусьветнага кіно. Ці можа яе зварот мець вынік? Ці пачуе ён яе?

— Ня ведаю. Ня думаю. Гэты чалавек жыве ў нейкім сваім коле, у сваім разуменьні рэчаў. Ён, як і Пуцін, перабольшвае сваю місію... Для гэтага ўсяго патрэбная культура, якой, на жаль, няма. Што такое зразумець і прыняць гэтую істоту зь іншага сьвету, зь меншага сьвету, як лічыцца? Шкадаваць яе, любіць, разумець, што гэта таксама жывое жыцьцё, што гэта таксама душа. Гэта пэўны ўзровень разуменьня рэчаў, гэта гуманітарнае разьвіцьцё, якога ў нас усё менш і менш. Я ня думаю.

— Вы шмат дапамагаеце людзям і не афішуеце гэта. Вы расказалі, што ахвяравалі грошы, каб уладкаваць сабачку. Магчыма, вы дапамагаеце прытулкам, уваходзіце ў зоаабарончыя ініцыятывы?

— Не. Толькі калі да мяне зьвярталіся і я магу дапамагчы, я дапамагаю. Мне падаецца, што гэта ў нас ня вельмі і разьвіта. Калі гэта прыме больш арганізаваныя формы, то, вядома, я вазьму ў гэтым удзел. У партыі абароны жывёлаў я вазьму ўдзел.

 


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках!

Падзяліцца: 29.11.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.